Серж Мінскевіч
Чвэрць аднаго мястэчка займаў пляц круглаваты,
Чвэрць пляцу ў тым мястэчку займаў кірмаш стракаты,
Чвэрць кірмашу на пляцы займаў мядзьведзь калматы,
А чвэрць таго мядзьведзя займаў салодкі мёд –
Таму вакол быў добры і ўсьмешлівы народ.
Сказаў раз Дыназаўр: “Няма нічога лепей,
Чым касманаўтам быць!” – надзеў штаны і кепі,
Пайшоў на касмадром. Дый вось было зьдзіўленьне –
Найбольшую ракету схаваць мог у кішэню.
– Што,
Што,
Што ж у вас?
– Гэта
Сыру
Скрыль
У нас.
Будзе
Мышкам
Ён якраз.
Наце, мышкі,
Калі ласка.
Мышкі кажуць:
– Так, так, ласка,
Дзякуй, дзякуй,
Як цудоўна нам цяпер.
– Што цудоўна?
Пах
Цудоўны,
Смак цудоўны
І памер
На горку ісьці – цяжка!
З горкі – нам будзе лягчэй!
Бо маюць дарослыя – важкасьць,
Хаця яна ёсьць і ў дзяцей!
З горкі зьедзем – опля-ля!
Нас прыцягвае зямля.
Поўдзень дзеліць поўны дзень
На два роўныя паўдні:
Даабедныя паўдня,
Паабедныя паўдня.
Складзены ж паўдні з гадзінак,
Іх паказвае гадзіньнік,
І ня цяжка здагадацца
Што ў паўднях гадзін... дванаццаць.
Пара прачынацца аконцу,
Адкрыем на ім фіранку,
“Дзень добры!” – мы скажам сонцу
І небу, і сьветламу ранку.